saligorsk-bps@tut.by


Год памяці



Далучайся
Далучайся да беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў

Праграма
Барацьба за поўную незалежнасьць Беларускае Дзяржавы


Мы ўсе разам – Беларускі Народ. У нас адзіны лёс, адзіная будучыня. Нашай найвышэйшай каштоўнасьцю зьяўляецца самастойная Беларусь, бо яна адзіны “інструмант” забяспечаньня нашага дабрабыту. У беларусаў забралі дзяржаву, а падсунулі расейска-лукашэнскі сурагат. Гэта – прычына ўсіх нашых бедаў. Ня будзе аніякага сацыяльнага прагрэсу без вырашэньня гэтага галоўнага пытаньня.

Беларускі народ - гаспадар сваёй зямлі


Свая зямля, свой дом, свая сям'я - гэта падмурак для годнага жыцьця чалавека. У беларусаў няма ні зямлі, ні законнага бізнэсу і сваёй справы. Уся зямля на Беларусі ўжо ацэненая ўладамі, створаныя адмысловыя зямельныя камісіі. Зямля, як асноўнае багацьце, будзе прадавацца расейскім дзялягам. Ужо перададзеная Расеі зямля пад трубаправодамі, зямля пад Мазырскім нафтакамбінатам. Сапраўдная рэформа пачнецца толькі з народнай прыватызацыі, дзе карэнным будзе пытаньне перадачы грамадзянам зямлі - як сялянам, так і гараджанам. Робячы Беларусаў не наёмнымі работнікамі, а моцнымі й годнымі гаспадарамі на сваёй зямлі - мы вяртаем любоў да сваіх сем'яў, сваёй Радзімы, да жыцьця. Чалавек, у якога ў кішэні некалькі рублёў - абыякавы да сваёй Дзяржавы, ня мае радасьці ў сям'і. Забясьпечаны чалавек вяртае сваю годнасьць, любіць сваю сям'ю ды Айчыну!

Вярнуць народу свабоду


Пасьля свайго пралазьваньня на вышэйшы дзяржаўны пост былы старшыня саўгасу "Гарадзец" А.Лукашэнка аднавіў у Беларусі камуністычную сістэму ва ўсіх яе ўродлівых правах. Уся ўлада, сканцэнтраваная ў Лукашэнкі й купкі бліжэйшых алігархаў-чыноўнікаў, якія замянілі верхушку КПСС. Каб не цярпець далей розныя бальшавіцкія эксперымэнты неабходна вярнуць уладу ў Беларусі беларускаму народу. Сёньня ў беларусаў няма ні палітычнай, ні эканамічнай, ні нацыянальнай Свабоды! Рабы не маюць Радзімы, таму, здабываючы беларусам свабоду, мы вяртаем ім Бацькаўшчыну!

Зрабіць прынцыповыя зьмены можна толькі пры стратэгічнай апоры на ўласны народ


Ні Захад, ні Ўсход не вырашаць за беларусаў іхні лёс. У беларускім народзе ёсьць сілы, каб вызваліць Радзіму ад архаічнага рэжыму й расейскай бюракратыі. Здабыць абвешчаныя намі мэты мы зможам агітацыяй на падставе нацыянальна-патрыятычных прынцыпаў і палітычнай барацьбой на глебе абвешчаных пастулатаў.

Адмовіцца ада ілжывага прынцыпу гульні ў абсалютную дэмакратычнасьць у супрацьстаяньні з напаўтаталітарнай сістэмай. Працаваць не з абвешчанымі правадырамі, а зь лідарамі, якія справай ды рэчаіснымі перамогамі даказалі сваю вернасць Радзіме. Аб'ядноўваць не ўсіх і кожнага, а ідэйна паслядоўных людзей.

БПС усе апошнія гады была галоўным прапагандыстам супольнай нацыянальна-вызвольнай барацьбы ўсіх здаровых беларускіх сілаў. Цяпер гэтая мэта можа стаць рэчаіснай. Ва ўсялякім выпадку за ўсімі "пяцеркамі", "шасьцеркамі" і "дзесяткамі" ўвогуле поўны нуль: ні ідэі, ні сумленьня, ні нацыянальнай волі. А цяпер можа ўзьнікнуць новы цэнтар сілы. БПС будзе гарантам як ад узурпацыі справы якім-небудзь "месіяй", так і ад загружваньня ў балоце бясконцых спрэчак. Мы прапануем для будучай кааліцыі ажыцьцяўляць працу па старажытнаму беларускаму праву liberum veto.

Пры адхіленьні ад абвешчаных нацыянальна-патрыятычных прынцыпаў БПС першай выйдзе з кааліцыі. Мы былі аплотам беларускай справы апошнія гады, не кідаліся з крайнасьці ў крайнасьць і цяпер мы шукаем падставы для ўзмацненьня ўдара па маскоўскім агрэсарам - усёй гэтай мафіі, якая кінулася скупляць і падмінаць Беларусь, па ейным мясцовым прыслужнікам. А гульні нам непатрэбныя. Мы адмаўляемся ўдзельнічаць ва ўсёй гэтай перадвыбарчай таўкатні.