saligorsk-bps@tut.by




Далучайся
Далучайся да беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў

Артыкулы
Магілёўская філія БПС

З першага погляду дзіўна, што ў такім экстрэме БПС у горадзе ня толькі выжыла, але й, відавочна, расьце. Пэўна, які-небудзь пісака з беларускай "цэнтрысцкай" газеты пачасаў бы патыліцу, пабачыўшы на свае вочы магілёўскі расклад. Але факт застаецца фактам, у Магілёве нацыянальна-патрыятычная БПС зьяўляецца моцнай сілай. Магілёў, адбудаваны пасьля вайны сагнанымі з сёлаў вяскоўцамі ды дзясяткамі тысячаў завезеных расейскіх зэкаў, стварыў спэцыфічную, скрайне агрэсіўную ўнутраную субкультуру.

Горад, нават, больш падпаў пад расейскі маргінальны ўплыў, чым Віцебск. Пануе брутальны культ сілы. Брыгады маладзёнаў па 5-10 чалавек шпацыруюць па вячэрніх вуліцах, шукаючы выпіўкі і прыгодаў. І тое, і другое звычайна знаходзяць. І маліся, абываталь, каб "ваўкі" не абралі ахвяраю цябе... Можна сказаць, што нацыыянальна-вызвольная БПС і, асабліва, баявая арганізацыя "Самаабарона" супрацьстаяць ваяўнічаму плебсу.

Звычайнай акцыяй БПС у горадзе зьяўляюцца вулічныя "тратуарныя" шэсьці са значкамі, бяз сьцягоў, але са сьпевамі:"Мы - партызаны, лясныя браты", традыцыйна разбаўленыя: "Да барацьбы! Да перамогі!", "Рэвалюцыя! Свабода!". Такія спэцыфічныя магілёўскія формы змаганьня знаходзяць разуменьне ў жыхароў. Ва ўсялякім выпадку вулічныя хуліганы апасаюцца зьвязвацца з нацыяналістамі. Небясьпеку пазіцыям рэжыму адчуў мясцовы КДБ, які ў рэгіёнах на парадак дурнейшы й больш прамаскоўскі. Адданыя служакі дайшлі да таго, што ў Магілёўскім Дзяржаўным Унівэрсытэце завялі практыку "стучаць" прафесарам на студэнтаў і наадварот. А таксама шлюць фармуляры ў рэктарат аб неблаганадзейных студэнтах-нацыяналістах і дэмакратах.

Барацьба з расейскім фашызмам

Іншым крокам КДБ стала аднаўленьне ў горадзе РНЕ, НБП. "Русское Национальное Единство", пераможанае беларускімі патрыётамі ў 1999-2000 гг., цяпер ізноў інсьпіруецца КДБ-ФСБ для новых апэрацыяў напярэдадні выбараў. Яшчэ два гады таму самая моцная філія НБП (Национал-Большевистская Партия) была ў Магілёве. Але лімонаўцы атрымалі шчыльны адпор. Цяпер НБП у глыбокім падпольлі, толькі зрэдку "соратники" вылазяць на нефармальныя канцэрты, дзе пьюць "чарніла" ды малююцца сярпаста-малаткастымі навязкамі. Аднак, з паяўленьнем сяброў САБ ці БПС навязкі адразу здымаюцца. Па словах сябраў БПС, НБП у горадзе ўжо не было б, калі б не ваяжоры зь Менску. Адным з галоўных важакоў НБП зьяўляецца нейкі лысы па мянушцы "Эвертан", ашываецца сярод футбольных фанаў "Дынама" (Мн) разам з РНЕшнікамі, найбольш муціць ваду.

Агульны ўплыў НБП нязначны, але пакідаць па-за ўвагай расейскіх бальшавічкоў нельга. Стратэгічная лінія гэтай групоўкі, якая ідзе з Масквы - гэта агрэсія ў бок маладых дзяржаў колішняга СССР (Беларусь, Украіна, Латвія, Казахстан - у зоне першае агрэсіі НБП). Пакуль дэмакратычная грамадзкасьць разводзіць рукамі, сябрам БПС прыходзіцца плаціць дарагім коштам за свабоду нашых гарадоў ад вулічнай фашыстоўскай швалі. На вагу пастаўленыя лёсы й душы моладзі, а, значыць, і будучыня Радзімы. За гэта можна і патрэбна змагацца! Канешне, калі тыя ж АГПшнікі ў Магілёве дапамагалі б БПС, было б прасьцей, але ці часта АГП бывае на баку беларускіх патрыётаў?.. Баявікі РНЕ зьбіраюцца ў цэнтры горада ня тоячыся.

Філію РНЕ адрадзілі два адмарозкі, прысланыя са Шклова - "Маршал" і "Лёха". Скураныя курткі, паголеныя галовы, цёмныя акуляры, пахадняк у стылі "я качок", а таксама нязграбнасьць ды інтэлектуальная недаразьвітасьць, памножаная шматзначнымі рыкамі пітэкантропаў - пазнавальны фармат лідараў РНЕ. Здымаецца зала для трэніровак, ёсьць нейкая "хата". Адкуль грошы - таямніца. КДБ і міліцыя, якія так спраўна сочаць за беларускімі нацыяналістамі, тутака чамусьці цалкам бездапаможныя...

РНЕшнікі ў горадзе распісваюць сваёй абрэвіятурай дамы й платы, клеяць свае ўлёткі. Вядома, што кіраўніцтва горада загадала муніцыпальным службам Магілёва зрываць улёткі БПС і Маладога Фронту, але не чапаць РНЕшныя. Гэтым займаюцца звычайныя грамадзяне. Натуральна, сябры Партыі Свабоды й САБ аддаюць перавагу асьветніцкай працы з "тупагаловымі", але ўспрымаецца гэта як слабасьць. Таму, як гаворыцца ў нашым народзе: "дурня й у царкве бьюць". На вайне, як на вайне...

Калі ў Менску йснуе нейкі ціск прэсы, грамадзкасьці, то ў крымінальным Магілёве - поўны «беспредел» мянтоў. Мясцовыя "ахоўнікі парадку" не падступяцца да бандаў хуліганаў, але з асаблівай жорсткасьцю распраўляюцца з беларускімі патрыётамі. У часе акцыі расклейкі ўлётак БПС, супрацоўнікі Ленінскага РАУС горада захапілі сябра БПС сп. Жэка. Над хлапцом зьдзекваліся люта, пагражалі, білі, бралі «на понт», маўляў "у цябе крадзеная куртка, сядзеш на 5 год, калі не скажаш колькі вас у горадзе". Хлопец паспрабаваў згуляць ,сказаў, што "ўлёткі даў нейкі дзядзька ды за 1000 рублёў папрасіў паклеіць" - "вось ты, фашыст, Радзіму за тысячу рублёў прадаеш?!" - "гэта вы прадалі яе маскалям разам са сваім паханом-халуём" - быў мужны адказ патрыёта. Ізноў білі - дзесяць сутак хлопец ня мог аправіцца, балелі ныркі, пляваўся крывёю.

Не на шмат ад міліцыі адышло кіраўніцтва горада на чале з Шорыкавым. Граданачальнік праславіўся атакай супраць герба горада, на якім рыцар у браме й Пагоня. Герб (сымбаль вернасьці й служэньня Радзіме) быў нададзены гараджанам урадам Рэчы Паспалітай за нескаронасьць перад маскоўскімі агрэсарамі. 1.ІІ.1667 магілёўцы, пасьля працяглай акупацыі, сваімі сіламі выразалі маскоўскі гарнізон і здабылі свабоду гораду. Гэтае паўстаньне стала адным з сымбаляў барацьбы за свабоду, і, неўзабаве, Беларусь была вызваленая. Цяперашняе гарадзкое начальства аздабляе горад, як "вотчыну прэзыдэнта", праўда затрымлівае заробкі людзям. Горад вядомы самым прарасейскім цэнтрам - катэдра гісторыі Расеі пры МДУ ім. Куляшова. Запраўляе катэдрай А.Варабьёў - вядомы сьляпой нянавісьцю да ўсяго беларускага, сярод студэнтаў мае мянушку "Гімлер". "Гімлер" і кампанія спраўна лабіруюць самыя адыёзныя праекты Міністэрства адукацыі, прапануючы ўвогуле вывесьці з падручнікаў гісторыю беларусаў. Па Магілёву надта відаць, што адбываецца ў Беларусі. Ці гэта не праява акупацыі? Нашае вялікае шчасьце, што ёсьць людзі, якія змагаюцца з гэтай сістэмай, ратуючы права беларусаў жыць на гэтай зямлі. І можна толькі захапляцца мужнасьцю герояў, якія ў часе такой цемры для краіны маюць сілу й волю паўстаць на ўладу Зла.

Але ж Нацыю твораць героі.




С.Анціповіч з Магілёва