saligorsk-bps@tut.by

Тэзісы

Год памяці



Далучайся
Далучайся да беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў

Навіны
Рэжым і “апазіцыя” баяцца людзей ідэі

Гэты ліст Сяргей Высоцкі даслаў у нашу рэдакцыю і папрасіў выставіць на сайце, бо, як ён напісаў у P.S., “у ім адказы для многіх маіх сяброў”.
Рэдакцыя.

Апошнія паўгады каштавалі мне дорага.

Канешне, не проста жыць па-за законам, калі вымушаны хавацца, не бачыць родных і сяброў, бадзяцца па розных хатах і яўках. Пад жорсткі прэсінг падпалі блізкія. Прыход афіцэраў КДБ, тэлефонныя званкі з КДБ і МУСу. Адбываліся адпаведныя “размовы” з сябрамі. У выніку гэтага прэсінгу Менская філія БПС фактычна заблакаваная. Хлопцы, затраўленыя гэб’ём, паадключалі тэлефоны, паз’язджалі, схаваліся.

Да нашых прадажных “апазіцыйных” СМІ мы нават не апелявалі. Пасля іхнай шматразовай смуроднай слепаты і здрады патрыётаў звяртацца да іх было б самапрыніжэннем.

Акрамя мяне, шукалі і дапытвалі яшчэ сем чалавек. Сярод іх Ст.Сточній, С.Папоў, Г.Дранковіч, А.Гнедчык. Як не дзіўна, акром нас і “Маладога Фронту” ніякіх арганізацый з апазіцыі не прэсуюць.

У галовах босаў афіцыйнай апазіцыі нараджаюцца чарговыя “а-ля маршы”, а рэжыму да іх аніякай справы…

За апошнія месяцы некалькі разоў быў у Беларусі, у розных кутках. Былі камічныя сітуацыі, калі напаткаў свайго сябра з Пінску, а той доўга не верыў сваім вачам.

Апошнія падзеі па маёй справе прымушаюць мяне думаць, што тактыка мая была вернай. 24.08.2007 г. маёй асобай ізноў цікавіліся. На гэты раз – з Першамайскага РАУСу. Маўляў, “ім прыйшоў сігнал, трэба, каб я явіўся ў ролі сведкі”. Паважаная рэдакцыя, вы цудоўна ведаеце, што ў нашай “стабільнай” дзяржаве чалавек вельмі хутка са сведкі пераўтвараецца ў падследнага. А мне на месца Севярынца спяшацца не варта, мне трэба справу рабіць. Так што пачакаюць доблесныя абаронцы грамадскага парадку. У практыцы нелегальнай працы прасунуўся грунтоўна, магу дапамагаць зацікаўленым. Што нас не забівае, робіць мацнейшымі. Страху ў мяне няма, прытупіўся.

Тут некаторыя нашыя добразычліўцы параілі: “Ты абвясці, што БПС больш няма, што вы распусціліся, і тады скончыцца тваё сабачае жыццё”.

Дык вось, адказваю ім, ды і ўсім іншым такім добразычліўцам: “Сваю веру, сваю ідэю за камфортнае жыццё не прадаю! БПС жыве, змагаецца і перамагае! Нас трымаюць за сканаўшых і мёртвых, а мы – жывыя і непераможныя!

За гэты час нават узніклі дзве новыя невялікія філіі. Шкада, што з-за рэсурсавай блакады не можам ім дапамагчы. Трымаюцца на адной ідэі. А грошы для “аб’яднанай апазіцыі” кантралююцца альбо Масквой, альбо міжнароднай мафіяй. Ды вы гэта ведаеце і самі...

Як я сказаў, цяжэй за ўсё менскім. Але будзем змагацца. Чытаў на вашым сайце ад розных малайцоў-удальцоў, што вось трэба Высоцкаму пастаянна быць у Беларусі, не хавацца ад КДБ і МУСу, “самому мужна ісці ў кабінет допытаў”. Што тут скажаш: ну, чэрці. Адной рукой ціснуць, а другой ганьбяць.

Ведаю, што тая ідэя, за якую ваюю, тая пазіцыя, на якой стаю, тая праўда, ад якой ніколі не адцураюся – бяльмо ў воку і акупантам, і цяперашнім смердам, і кішэнным жэўжыкам. Яны б хацелі мяне ізаляваць, аднак не выйдзе.

Паглядзеў апазіцыйную прэсу. Можна многае ім дараваць, спісаўшы на пераслед рэжыму. Можна было б закрыць вочы на дрымотную перыферыйнасць ды інтэлектуальную слабасць. Але выдаваць свае прыватныя ліберальна-жлобскія інтэнцыі за глыбокі сэнс – брыдка. “Беларускі рынак” і заезжаны П.Быкоўскі ўсхваляюць чарговую акцыю даўно дыскрэдытаваных А.Саннікава, В.Іванкевіча, Я.Афнагеля. Побач “пераможца” на выбарах А.Мілінкевіч. Усе да болю знаёмыя асобы з чарговай бездапаможнай ініцыятывай. Газета “Свободные новости” вуснамі В.Карбалевіча, С.Багданкевіча ды нейкага Петухова ўсю крытыку ўлады звяла да папрокаў Лукашэнку, што “ставіцца крыж на інтэграцыі”. Бядуюць, што “саюзная дзяржава развальваецца”. Вось жа нячысцікі. Нават брыдкі хам, пастаўлены расейскімі рукамі, зразумеў, што Незалежнасць прадаваць нельга. Што за гэта будуць і на магілу пляваць. Нават ён, увесь заплямлены этнацыдам і здрадамі Беларускага Народа, спыніўся ля мяжы. А гэтыя гатовыя “ісці далей”. Страшная і гэтая апазіцыя, і гэтыя хлапчукі ў газетах. Бо ў простага абыватэля складаецца ўражанне, што такая альтэрнатыва лукашызму – яшчэ больш смуродная маскальшчына і падлючасць. А , можа, і добра, што ўсе яны не ўспрымаюць ідэі літвінскіх мысліцеляў, запаветы Каліноўскага і слуцкіх паўстанцаў, што не любяць герб і гімн “Пагоня”. Бо спаскудзілі б усё.

Магу сказаць, што за гэты час паспеў зрабіць досыць шмат, асабліва ў плане міжнароднай працы. У многіх людзей, асабліва ва Ўкраіне, трохі палепшылася з ведамі пра Беларусь. Бо большасці Беларусь уяўлялася “шчаслівай і стабільнай краінай на чале з аўтарытарным правадыром”. Тэрмін “этнацыд”, як і ступень акупацыі Беларусі ў сферах інфармацыі, культуры, эканомікі, іншых галінах унутранага жыцця з боку расейскай імпербюракратыяй, не толькі заходнія, але і украінскія калегі адкрывалі для сябе ўпершыню.

Відавочна, рэжым баіцца толькі людзей ідэі, нацыялістаў (змястоўных дэмакратаў), а псеўдаапазіцыйная кодла ім нават патрэбная. Да Лу-кі ды рэжыму не падступішся і не возьмеш за карак, пакуль такое скоцтва ў апазіцыйным афіцыёзе.

Пэўна, нам у бліжэйшыя часы прыйдзецца быць без сродкаў, пад двайным ціскам, але толькі цвёрды рух шляхам праўды здольны нарадзіць і абавязкова народзіць новае пакаленне змагароў!

З павагай, Сяргей Высоцкі.


2.09.2007 | Наша Зямля