За ідэалы 25 сакавіка беларусы змагаліся ў савецкіх канцлягерах
Мы вельмі мала ведаем пра барацьбу нашых бацькоў і дзядоў за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Нядаўна ў Інтэрнэце прачытаў артыкул украінскага дасьледчыка Івана Губкі пра барацьбу ўкраінцаў у бальшавіцкіх канцлягерах. Ёсьць там згадка й пра няўдалае паўстаньне вязьняў у Інце ў 1950 годзе, пра аднаго з кіраўнікоў паўстанцаў беларуса Раманчука.
Толькі памылкова было названа ягонае імя — Юльян. На самой справе ён быў Сямёнам (Сымонам). Наш зямляк трапіў у лік 11 кіраўнікоў плянаванага паўстаньня, якія былі расстраляны сталінскімі катамі... Пра Раманчука вядома няшмат, але й гэтыя нешматлікія факты малююць постаць сьмелага, мужнага і рашучага беларускага нацыяналіста. Ён нарадзіўся ў 1916 годзе на Нясьвіжчыне. Да вайны пасьпеў закончыць Нясьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю і польскую падафіцэрскую школу. У верасьні 1939-га ваяваў супраць немцаў, як польскі вайсковец. Вярнуўшыся ў родныя мясьціны, адчуў увагу да сваёй асобы з боку НКВД. Стаў хавацца й на нелегальным становішчы знаходзіўся да чэрвеня 1941-га.
Падчас нямецкай акупацыі Сямён Раманчук стаў беларускім вайскоўцам. Старшы лейтэнант Раманчук служыць у Галоўным кіраўніцтве Беларускай краёвай абароны ў Менску. Разам з іншымі маладымі патрыётамі летам 1944 г. ён адыходзіць на Захад. Пакуль невядома, як Раманчук трапіў у лапы чэкістаў, але адбылося гэта летам-восеньню 1945-га.