8 сакавіка, у 1928 годзе ў Празе памёр вялікі сын беларускага народу, выдатны беларускі палітычны дзеяч, гісторык, драматург, прэзыдэнт Рады Беларускае Народнае Рэспублікі, Пётра Крэчэўскі.
П.Крэчэўскі нарадзіўся 7 жніўня 1879 г. у в. Дубна каля Мастоў. Скончыў Віленскую настаўніцкую сэмінарыю. Перад Першай сусьветнай вайной працаваў настаўнікам у Беластоцкім і Ваўкавыскім паветах. Пасля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 г. П.Крэчэўскі далучыўся да Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Выступаў за ўтварэньне самастойнай Беларускай рэспублікі. Удзельнічаў ва Усебеларускім Зьездзе ў 1917 г., уваходзіў у яго Выканаўчы камітэт. У лютым – сакавіку 1918 г. удзельнічаў у абвяшчэньні БНР і яе Незалежнасьці ад Расеі. У кастрычніку 1918 г. стаў Сакратаром Рады БНР. У ліпені 1919 г. на чале Надзвычайнага прадстаўніцтва БНР П.Крэчэўскі прыбыў у Каўнас, вёў перамовы з прадстаўнікамі ўрада Летувы, падчас якіх дамагаўся афіцыйнага прызнаньня летувіскім урадам Незалежнасьці БНР у яе этнаграфічных межах. Ініцыяваў скліканьне Першай Усебеларускай канферэнцыі. Прэзыдэнт БНР у 1919 – 1928 гг. Выступаў у абарону нацыянальных інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне, асуджаў Рыжскі мірную дамову 1921 г. і факт далучэньня Віленшчыны да Польшчы (1922). Супрацоўнічаў з прадстаўнікамі іншых нацыянальных групаў на эміграцыі.
У сьнежні 1921 г. як прадстаўнік Беларусі П.Крэчэўскі ўваходзіў у склад Рады Саюза народаў Усходняй Эўропы. З 1923 г. вымушаны быў жыць на эміграцыі – у Празе. У 1924 г. накіраваў два мемарандумы ў Лігу нацый, у якіх патрабаваў прызнаць Незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах. Крытычна ставіўся да палітыкі беларусізацыі ў БССР, адзначаў яе непаслядоўнасьць, адмовіўся ад вяртаньня ў БССР. У кастрычніку 1926 г. актыўна ўдзельнічаў у заснаваньні ў Празе міжнароднага аб’яднаньня — Сацыялістычнай Лігі Новага Усходу Эўропы. П.Крэчэўскі – аўтар вершаваных драмаў “Рагнеда” і “Здрада” (1923), вершаў, перакладаў з чэскай і ўкраінскай моў. Быў рэдактарам зборніка па гісторыі, культуры й эканоміцы Беларусі “Замежная Беларусь”, падрыхтаваў для яго шэраг артыкулаў, прысьвечаных гісторыі Беларусі й яе грамадзка-палітычнаму разьвіцьцю ў ХХ ст. (выдадзены ў Празе ў 1926 г.). Падтрымліваў сувязі зь беларускімі грамадскімі й культурнымі арганізацыямі ў Празе, дабіўся ад урада Чэхаславакіі аказаньня матэрыяльнай падтрымкі беларускім студэнтам. П.Крэчэўскі памёр 8 сакавіка 1928 г. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.